Беларуская спадчына Варшавы

З XIV стагоддзя, амаль з самага заснавання Варшавы, лёс гэтага горада звязаны з Беларуссю і Усходняй Еўропай. З нашых зямель паходзілі жонкі многіх князёў, якія панавалі ў Варшаве. Пры іх былі пабудаваны Каралеўскі замак, многія касцёлы.

У канцы XVI стагоддзя Варшава стала сталіцай Рэчы Паспалітай, якая ўключала тэрыторыю цяперашняй Беларусі. Арыстакратыя з нашых зямель узводзіла ў Варшаве свае палацы. Так з’явіліся рэзідэнцыі Радзівілаў, Тышкевічаў, Сапегаў і іншых вядомых сямействаў.

У Варшаве XVIII стагоддзя Францішак Багамолец з-пад Віцебска быў вядомым  драматургам, выкладчыкам польскай мовы. Юльян Урсын Нямцэвіч са Скокаў цяперашняга Брэсцкага раёна быў паплечнікам военачальніка Тадэвуша Касцюшкі, які родам з сучаснага Івацэвіцкага раёна. Апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які спрыяў развіццю ў Варшаве мастацтваў і будаўніцтву цудоўных архітэктурных ансамбляў, — ураджэнец Камянецкага раёна.

Вялікі польскі паэт, ураджэнец Навагрудчыны Адам Міцкевіч у Варшаве не бываў, але помнік яму тут з’явіўся яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя. Са старонак варшаўскіх часопісаў другой паловы XIX стагоддзя прыйшла ў польскую і сусветную літаратуру Эліза Ажэшка з Гродзеншчыны. Выхадзец з-пад Мінска Станіслаў Манюшка ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя стаў дырэктарам варшаўскага опернага тэатра і заснавальнікам польскай нацыянальнай оперы. Беларус Яўхім Карскі на пачатку ХХ стагоддзя працаваў рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта.

Ежы Гедройць з Мінска пасля пераезду ў Варшаву, дзе скончыў універсітэт, стаў адным з вядомых польскіх інтэлектуалаў ХХ стагоддзя. Мастак Фердынанд Рушчыц, які родам з Багданава Валожынскага раёна, пакінуў прыкметны след у культуры Варшавы пачатку ХХ стагоддзя. У саборы Святой Роўнаапостальнай Марыі Магдаліны браў шлюб аўтар беларускай граматыкі Браніслаў Тарашкевіч. Ён, як і іншыя беларусы — Адам Станкевіч, Ян Станкевіч, Аляксандр Уласаў, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Вячаслаў Багдановіч — засядаў у польскім парламенце. У Варшаўскай політэхніцы ў 1922-1939 гадах выкладаў адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага руху Вацлаў Іваноўскі. Крыстына Крахэльска з сучаснага Ляхавіцкага раёна стала ў 1939 годзе прататыпам статуі «Сірэнкі» — увасаблення герба Варшавы на беразе Віслы. Пасля 1944 года ў Варшаве жыў адзін з пачынальнікаў польскай мастацкай фатаграфіі, ураджэнец Навагрудчыны Ян Булгак.

У Варшаўскім універсітэце існуе кафедра беларусазнаўства. Працуе Беларуская рэдакцыя Польскага радыё. Многія прадметы культуры, створаныя на беларускіх землях або звязаныя з творчасцю ураджэнцаў Беларусі, захоўваюцца ў музеях, бібліятэках, архівах Варшавы.

Калі Вам цікава ўбачыць на свае вочы факты беларускасці Варшавы, запішыцеся на экскурсію па горадзе з нашым гідам.

Кошт экскурсіі працягласцю тры гадзіны — усяго 50 еўра*.

* Кошт для групы да пяці чалавек. Кошт для групы ад пяці чалавек — паводле дамоўленасці.

этот сайт http://vsemmeitan.ru становится все популярнее